Описание
Нашае аб'яднанне накіраванае ня больш ня менш на вызваленне Беларусі, на ратаванне яе ад грахоўнай няволі, а праз гэта і ад іншых формаў няволі (напрыклад каланізацыя краіны, дыктатура і г.д.).
Гэтую мэту мы рэалізуем праз цэлебраванне святой імшы за Айчыну Беларусь. Штомесяц у вызначаную нядзелю ў парафіях Беларусі, чым іх колькасць большая, тым лепей, цэлебруюцца імшы за Беларусь. Для гэтага мы запісваем асабістыя інтэнцыі "За навяртанне Беларусі і аб дары Божай любові да Беларусі для яе жыхароў" і прымаем актыўны ўдзел у гэтых набажэнствах і іншых мерапрыемствах зарганізаваных нашым рухам.
Святая імша - самая моцная малітва, самая дзейсная, бо падчас яе Сам Хрыстус прыходзіць у нашыя сэрцы. А значыць Ён у гэты момант найбліжэй да нас.
Нашая мэта - аб'яднаць усе касцёлы Беларусі ў адзіны штомесячны малітоўны хор для вызвалення нашай Беларусі. Каб раз на месяц у адзін дзень (нядзеля) і найлепей у адзін час усе касцёлы Беларусі цэлебравалі святую імшу за Беларусь.
Мы намагаемся аб'яднаць беларускі народ (прызвычаяны да абыякавасці і раз'яднанасці, спаралізаваны страхам і эгаізмам) у адзіны маналіт з моцным духам Хрыстовай любові і еднасці, шанаваннем Беларускай нацыянальнай мовы, культуры і спадчыны.
Будзем рады бачыць цябе ў нашых шэрагах!
Гэта наша малітва-вызнанне:
МАЛІТВА БЕЛАРУСА АБ РОДНЫМ КРАІ
Беларусь - наш родны край, падараваны нам Богам як мейсца для праслаўлення Яго Святога Імя, для плённай працы на Яго хвалу і карысць кожнаму чалавеку.
Беларуская мова - скарб пакінуты нам продкамі для праслаўлення Бога , вызнавання веры ў Яго, як у Адзінага Пана і Створцу, для выказу пашаны, годнасці і падзякі Нябеснаму Айцу і Ягоным дзецям – нашым братам і сёстрам.
Езус Хрыстус - наш Міласэрны Збаўца, Адзінародны Сын Айца Спрадвечнага, бясконца добры і міласэрны Валадар нашай Радзімы і ўсяго свету.
Бог Айцец - валадарыць усім нашым жыццём, мінулым, будучым і гэтай хвілінай. Ён – наш Нябесны Тата, усё, што мы маем, належыць Яму, бо ад Яго атрымалі. Мы - дзеці Яго Міласэрнага Сэрца, праслаўляем Яго Святое Імя і просім Яго аб ласцы ўдзелу ў шчаслівай вечнасці ў якой да рэха гэтага праслаўлення жадаем далучыць новае праслаўленне Богу ў Тройцы Святой Адзінаму: (знак крыжа) Айцу і Сыну, і Духу Святому. Амэн.